Як павысіць прэстыж рабочых прафесій і працэнт замацавальнасці моладзі на прадпрыемствах

Гэтыя і іншыя пытанні старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда абмеркаваў з навучэнцамі і педагогамі Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа.

У навучальнай установе рыхтуюць рабочых з прафесійна-тэхнічнай і спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па 4 напрамках: для мясаперапрацоўчай прамысловасці, прадпрыемстваў грамадскага харчавання, індустрыі мікраклімату і холаду, фармацэўтычнай галіны краіны. На працягу апошніх 5 гадоў каледж уваходзіць у тройку лідэраў сярод навучальных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі г. Мінска.

Як адзначыў Міхаіл Орда, рабочы з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй сёння – гэта ўжо далёка не той спецыяліст, які быў 10 гадоў таму. Патрэбны веды і ўменні, якія адпавядаюць кампетэнцыі, паколькі да кадраў прад’яўляюцца высокія патрабаванні. Навучальныя ўстановы павінны цікавіцца развіццём тэхналогій і ў звязку з наймальнікамі вырашаць пытанне падрыхтоўкі запатрабаваных на рынку працы спецыялістаў.

З іншага боку, у пытанні забеспячэння рынку працы неабходнымі кадрамі патрэбны непасрэдны ўдзел наймальнікаў.

Важна, каб маладыя спецыялісты заставаліся на першых працоўных месцах. Каб хлопцам было цікава не толькі атрымліваць веды ў каледжы, але і прымяняць іх на практыцы, павышаць свой узровень кваліфікацыі або разрад, – перакананы лідэр нацыянальнага прафцэнтра.

На думку кіраўніка ФПБ, прэстыж рабочай спецыяльнасці складаецца са шматлікіх фактараў.

Гэта паняцце складаецца з вельмі многіх рэчаў. Не толькі ад адной атрыманай адукацыі, але і ад таго, у якіх умовах і на якім абсталяванні працуе малады чалавек пасля атрымання адукацыі, якую заработную плату атрымлівае, ці ёсць у яе магчымасці росту і павышэння прафесійнага ўзроўню, ці ёсць перспектывы набыцця жылля. І тут ужо вельмі многае залежыць менавіта ад наймальніка, – падкрэсліў Міхаіл Орда. – Маладыя людзі павінны быць упэўненыя, што атрыманая адукацыя дасць ім магчымасць не проста жыць, а жыць добра і ўвесь час развівацца.

Дарэчы, Федэрацыя прафсаюзаў неаднаразова звяртала ўвагу на пытанне дэфіцыту працоўных кадраў, у прыватнасці, у прамысловасці. У мінулым годзе па ініцыятыве нацыянальнага прафцэнтра сумесна з аб’яднаннем наймальнікаў і ўрадам быў падрыхтаваны і зараз рэалізуецца спецыяльны план дзеянняў па вырашэнню гэтага пытання. Ён уключае ў сябе многія напрамкі – ад удасканалення сістэмы замовы кадраў да вырашэння пытання забеспячэння спецыялістаў жыллём.

Прафсаюзы працуюць над тым, каб на кожным прадпрыемстве пашыраўся спіс сацыяльных гарантый маладым спецыялістам. Як следства, многія калектыўныя дагаворы прадпрыемстваў ужо ўключаюць шырокі спектр дадатковых бонусаў: разнастайныя даплаты і надбаўкі, забеспячэнне жыллём, магчымасць павышаць свой прафесійны ўзровень і г.д.

Падрыхтаваць канкурэнтаздольнага на рынку працы работніка – задача навучальнай установы. І ў Мінскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным каледжы ведаюць “рэцэпт поспеху”.

Ва ўстанове адукацыі кантактуюць з заказчыкамі кадраў і аператыўна рэагуюць на змены, якія адбываюцца ў вытворчасці і прамысловасці, адкрываюць новыя спецыяльнасці. Каледж супрацоўнічае з Мінскім мясакамбінатам, Белмедпрэпаратамі, Беларускай чыгункай, ЗАТ “Атлант”, ДУ “Чыжоўка-Арэна”, Групай кампаній “Санта”, камбінатам школьнага харчавання г. Мінска і іншымі. Па мэтавай замове для наймальнікаў рыхтуюць каля 10% ад агульнай колькасці навучэнцаў, але працай забяспечваюць усіх выпускнікоў.

Мы наладжваем кантакты з патэнцыйнымі працадаўцамі, праводзім «круглыя сталы», – распавяла Святлана Андрэева. – Заказчыкі кадраў нават у распрацоўцы навучальных планаў прымаюць актыўны ўдзел. Расказваюць аб новых тэхналогіях, мадэрнізацыі абсталявання, сучасных патрабаваннях, якія прад’яўляюцца да маладых спецыялістаў.

За перыяд навучаньня маладыя людзі атрымліваюць некалькі кваліфікацый. У каледжы іх інтэгруюць: навучэнцы кухара могуць стаць і вытворцам мясных паўфабрыкатаў або абвальшчыкам мяса.

Такія падыходы да арганізацыі навучальнага працэсу дапамагаюць аператыўна перабудоўвацца, каб рыхтаваць рабочых і спецыялістаў па тых праграмах, якія сёння актуальны для заказчыкаў кадраў. Важны і практыка-арыентаваны падыход у падрыхтоўцы людзей працоўных прафесій, лічыць дырэктар каледжа.

Спачатку накіроўваем нашых навучэнцаў на практыку ў рамках вытворчага навучання, каб хлопцы пазнаёміліся са спецыфікай працы. Напрыклад, на прадпрыемстве “Белмедпрэпаты” першыя 2 практыкі навучэнцы праходзяць у розных цэхах, а ўжо перадвыпускную практыку праходзяць фактычна на тых месцах, куды ў далейшым пойдуць працаваць. Так хлопцам прасцей уліцца ў калектыў і выконваць свае абавязкі, – дзеліцца Святлана Андрэева.

Што да замацоўванасці кадраў, адміністрацыя каледжа на працягу 2 гадоў пасля выпуску ажыццяўляе патранаж былых выхаванцаў. І тут дырэктар навучальнай установы згодна з выказаным раней меркаваннем старшыні ФПБ, што ў гэтым пытанні ўсё залежыць ад наймальніка.

Па меркаванні дырэктара каледжа, павінна развівацца школа настаўніцтва на прадпрыемствах.

Каб выпускнік застаўся працаваць на тым прадпрыемстве, куды быў размеркаваны, патрэбна школа настаўніцтва. Важна, каб з першага дня працы маладога спецыяліста навучалі і падтрымлівалі старэйшыя калегі, дзяліліся з ім вопытам, уводзілі паэтапна ва ўсе тонкасці працоўнага працэсу, – падкрэсліла дырэктарка каледжа.

У Мінскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным каледжы можна атрымаць такія рэдкія ў Беларусі спецыяльнасці як “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання харчовых вытворчасцей”, “Вытворчасць медыкаментаў, вітамінаў і прэпаратаў біясінтэзу”, “Нізкатэмпературная тэхніка” (халадзільнае абсталяванне). Апошнюю з іх абраў для навучання Дзмітрый Шульга. Хлопец навучаецца на другім курсе і загадзя ведае, дзе будзе працаваць.

Я абраў новую і рэдкую спецыяльнасць. Мая будучая праца даволі цікавая. Трэба разбірацца ў электрыцы і мантажы. Я праходзіў практыку на прадпрыемстве «ДювасХоладАўта» і гатовы тут у далейшым працаваць, умовы мяне задавальняюць. Лічу, што практыка – важны этап навучання, – падзяліўся будучы тэхнік-механік.

аўтар артыкула

Анжэла Людына
(аўтар артыкула)

Навіна з партала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі