24.02.2022 Навіны

Грамадскі інфармацыйны цэнтр па назіранні за рэферэндумам адкрыўся ў нацыянальным прафцэнтры

З першага дня датэрміновага галасавання ў цэнтры будзе акумулявацца інфармацыя аб ходзе рэферэндуму. Яе будуць прадстаўляць больш за 40 тысяч нацыянальных назіральнікаў.

Нагадаем, прадстаўнікі прафсаюза сумесна з найбуйнейшымі грамадскімі аб’яднаннямі краіны актыўна ўдзельнічаюць у рэферэндуме. Гэта стала вядома 29 студзеня 2022 года падчас Пленума ФПБ. У прыватнасці, адзін з асноўных напрамкаў гэтай сумеснай працы – якраз назіранне за ходам галасавання. Усяго грамадскімі аб’яднаннямі, палітычнымі партыямі, грамадзянамі вылучана больш за 40 тысяч нацыянальных наглядальнікаў. Гэта людзі розных узростаў, прафесій. Яны акрэдытаваны на ўсіх участках ва ўсіх рэгіёнах краіны. І ўжо ў першы дзень датэрміновага галасавання многія з іх пачалі работу.

Трэба адзначыць, што ўсе назіральнікі прайшлі неабходнае навучанне. І зараз кожны з іх дакладна ведае свае правы і абавязкі, а таксама асноўныя заканадаўчыя аспекты арганізацыі працы камісій па рэферэндуме. Яны паўнацэнна могуць ацаніць абстаноўку на выбарчым участку або выказаць сваю ацэнку арганізацыі формы галасавання.

Сёння сваю працу пачаў і грамадскі інфармацыйны цэнтр па назіранні за рэферэндумам пры нацыянальным прафцэнтры, у якім аператыўна акумулюецца інфармацыя ад назіральнікаў аб ходзе галасавання па ўсёй краіне.

– З дапамогай грамадскага інфармацыйнага цэнтра мы арганізавалі дакладны кантроль за правільнасцю арганізацыі рэферэндуму і працы камісій, – распавёў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. – Гэта дазволіць нам мець аб’ектыўную інфармацыю з першых вуснаў з участкаў галасавання. У выпадку неабходнасці мы можам аператыўна праверыць любую інфармацыю. Такім чынам выключаецца магчымасць скажэння дадзеных. Інтэрнэт можа напаўняцца рознымі чуткамі, але ў нас ёсць аб’ектыўная інфармацыя. Мы штогадзіны ў рэжыме рэальнага часу атрымліваем звесткі аб тым, што адбываецца на ўчастках. Акумулюем іх у грамадскім інфармацыйным цэнтры і гатовы перадаць СМІ і грамадскасці.

Інстытут нацыянальных наглядальнікаў ёсць у многіх краінах свету. У Беларусі, як і за мяжой, іх галоўная задача – забяспечыць кантроль за выкананнем усіх устаноўленых заканадаўствам працэдур падчас галасавання. Падчас навучання ўсе назіральнікі былі настроены на тое, што ў выпадку выяўлення тых ці іншых аб’ектыўных парушэнняў яны мусяць падаць адпаведную заяву ў камісію. Гэта неабходна, каб недахопы былі аператыўна ліквідаваны. У сваю чаргу грамадскі інфармацыйны цэнтр на базе нацыянальнага прафцэнтра будзе фіксаваць і акумуляваць інфармацыю аб усіх пазаштатных сітуацыях на ўчастках.

Падводзячы папярэднія вынікі сённяшняга дня, Міхаіл Орда падкрэсліў, што якіх-небудзь праблемных пытанняў на ўчастках не ўзнікала.

– У людзей ёсць магчымасць прыйсці і свабодна прагаласаваць, – інфармаваў лідэр нацыянальнага прафцэнтра. – Былі невялікія шурпатасці ў працы, і ўсе яны ліквідаваны ў працэсе. У прыватнасці, на адным з участкаў у Гродзенскай вобласці наглядальнікі звярнуліся ў камісію з просьбай перанесці іх месца дыслакацыі, каб яны маглі свабодна кантраляваць працэс галасавання. Камісія ўлічыла гэтую прапанову і дала магчымасць назіральнікам перамясціцца для лепшага агляду. Гэта сведчыць аб тым, што ўсе нюансы ў працэсе галасавання можна аператыўна вырашыць.

аўтар артыкула

Вераніка Салавей
(аўтар артыкула)

Навіна з партала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі