Зрабіць мінулае бліжэй. Рэспубліканская акцыя “Сімвал адзінства” праходзіць на Гродзеншчыне

Вобласць прыняла патрыятычную эстафету ад Віцебшчыны, дзе, нагадаем, і стартаваў маштабны праект, арганізаваны РГА “Патрыёты Беларусі” і Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.

Удзельнікі аўтапрабегу прыбылі ў рэгіён 22 верасня і на працягу чатырох дзён наведаюць знакавыя месцы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, у кожным раёне: помнікі, мемарыяльныя комплексы, брацкія магілы. Некаторыя вядомы толькі сярод мясцовых жыхароў, але ад гэтага не менш значныя. Мэта ініцыятывы ў тым, каб як мага больш беларусаў адкрыла іх для сябе, памятала подзвіг сваіх дзядоў і прадзедаў. У рамках рэспубліканскай акцыі ля памятных месцаў усталёўваюць таблічкі з QR-кодамі, скарыстаўшыся якімі можна пагрузіцца ў мінулае, у тым ліку пачуць успаміны відавочцаў. Жывая эмацыйная падача не пакідае абыякавым.

Сённяшні дзень актывісты, пабываўшы ў Лідзе, Навагрудку і Міры, завяршылі ў Дзятлаве. Аб падзеях ваенных гадоў у раёне нагадваюць 97 розных форм увекавечання. У цэнтры горада, на тэрыторыі гарадскога парка, знаходзіцца помнік двум Героям Савецкага Саюза – камандзіру 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі генерал-маёру Яну Фогелю і яго намесніку гвардыі палкоўніку Паўлу Пятрову. Узначаленае імі злучэнне ўдзельнічала ў вызваленні Дзятлаўшчыны ў ліпені 1944 года. На жаль, камандзірам не наканавана было дажыць да Перамогі: Ян Фогель і Павел Пятроў загінулі ад смяротных раненняў летам таго ж года і былі пахаваны ў Дзятлаве. У 1990-я гады на магілах Герояў Савецкага Саюза ўсталяваны помнік, а зараз побач дзякуючы рэспубліканскай патрыятычнай акцыі з’явілася таблічка з QR-кодам. Усяго ж у раёне ўсталююць 8 такіх таблічак.

– Сумесная акцыя самага маладога грамадскага аб’яднання нашай краіны “Патрыёты Беларусі” і самай масавай грамадскай арганізацыі працоўных Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі набірае абароты. Мы ўжо адсвяткавалі Дзень народнага адзінства, але працягваем шэсце па краіне і на працягу восені наведаем 118 раёнаў. З 22 па 25 верасня акцыя гасцюе на гродзенскай зямлі. Сёння тут, у Дзятлаве, адбыўся канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады, і тут на мемарыяльным комплексе ўстанавілі чарговую інфармацыйную таблічку. ФПБ вялікую ўвагу ўдзяляе захаванню гістарычнай памяці. З 2004 года мы ідзе над такім знакавым мемарыяльным комплексам краіны як Курган Славы, але ў межах акцыі хочам удзяліць увагу і менш вядомым мясцінам. Дзякуючы інфармацыйным таблічкам, звесткі аб іх стануць больш даступнымі. Кожны, навёўшы сучасны гаджэт, зможа здзейсніць онлайн экскурсію, – адзначыў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вадзім Грачоў.

Рэспубліканская патрыятычная акцыя служыць напамінам аб тым, што мы адзіны народ, з агульным мінулым, сучаснасцю і будучыняй. Сімвалам гэтага адзінства арганізатары выбралі шасцярэнькі, якія разам, пасля завяршэння маштабнага праекта, утвараюць адзіны механізм. Такую шасцярэньку з надпісам “Дзятлава” прадстаўнікі мясцовай улады перадалі ўдзельнікам аўтапрабегу. Тыя ў сваю чаргу падарылі гаспадарам сувенір, які будзе нагадваць аб патрыятычнай акцыі. А ўжо заўтра раніцай актывістаў чакаюць у Слоніме.

аўтар артыкула

Алена Каяч
(аўтар артыкула)

Навіна з партала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі