Рэспубліканская акцыя МНС “Бяспечны Новы год!”

Як вы думаеце, якое свята, акрамя дня нараджэння, вельмі чакаюць і дарослыя, і дзеці? Адказ відавочны – Новы год! Сапраўды, менавіта гэта свята прасякнута асаблівай атмасферай, радасцю і чараўніцтвам. Але варта памятаць, што падчас святочнай весялосці грэбаванне бяспекай можа азмрочыць гадавое чаканне цудаў пажарамі і іншымі надзвычайнымі здарэннямі.

Пераднавагодні перыяд суправаджаецца рэзкім павелічэннем колькасці пажараў і траўм у выніку парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры падрыхтоўцы да свят, неасцярожнага абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі. Папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі з падобнымі наступствамі – мэта рэспубліканскай акцыі “Бяспечны Новы год!”, якая сёлета працягнецца з 14 па 31 снежня.

Першы этап пройдзе з 14 па 17 снежня з фокусам на асобах састарэлага ўзросту. Прапагандысты МНС накіруюцца ў дамы ветэранаў і цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у санаторыі, аздараўленчыя цэнтры, прафілакторыі, дамы адпачынку і пансіянаты, дзе ў фармаце праграмы “Бяспечны Новы год” выступяць артысты і творчыя калектывы, тэатры-экспромты, пройдуць конкурсы і віктарыны, бяспройгрышныя латарэі, паказы фільмаў па ОБЖ і іншае.

З 20 па 24 снежня – падчас другога этапа акцыі – работнікі МНС падораць свята ў школах, інтэрнатах, сем’ях, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, у дзіцячых дамах і ў дамах сямейнага тыпу. У госці да дзятвы змогуць прыехаць Дзед Мароз, Снягурачка і героі мультфільма МНС “Чароўная кніга”, якія раскажуць правілы бяспекі ў перыяд зімовых канікул: як паводзіць сябе на лёдзе, як карыстацца піратэхнікай, хлапушкамі і бенгальскімі агнямі. Акрамя таго, юнакоў і дзяўчат чакаюць віктарыны, тэматычныя конкурсы, паказ фільмаў і ролікаў, а таксама наглядна-выяўленчая прадукцыя і памятныя падарункі.

Заключны этап акцыі працягнецца з 27 да 31 снежня. У месцах продажу піратэхнікі з’явяцца пажарны Дзед Мароз, Снягурачка, казачныя персанажы, якія правядуць з пакупнікамі гутаркі, раздадуць інструкцыі па бяспечным выкарыстанні піратэхнікі, памятныя календары і наглядна-выяўленчую прадукцыю, а таксама прапануюць адлюстраваць момант на фоне тэматычнай фотазоны.

Пільны Дзед Мароз і Снягурачка не пакінуць без увагі лядовыя каткі і іншыя месцы масавага катання. Там будуць размешчаны пляцоўкі МНС, на якіх пройдуць конкурсы, віктарыны, бяспройгрышныя латарэі і выступяць артысты. Наведаюць казачныя героі і мясціны, апынуцца ў якіх напярэдадні свята вельмі сумна, а менавіта дзіцячыя ўстановы аховы здароўя. Там яны зладзяць сапраўднае свята, каб ні адно дзіця не страціла веру ў цуд.

Асноўныя мерапрыемствы акцыі разгорнуцца ў месцах масавага знаходжання людзей – гэта адкрытыя пляцоўкі, буйныя гандлёвыя цэнтры, рынкі, дзіцячыя забаўляльныя цэнтры і г.д. Ратавальнікі разам са сваімі вернымі казачнымі памочнікамі павіншуюць усіх з надыходзячымі святамі, нагадаюць правілы бяспекі, правядуць тэматычныя віктарыны, конкурсы і латарэі, раздадуць наглядна-выяўленчую прадукцыю, разыграюць прызы, а таксама падораць “творчыя” падарункі ад артыстаў і калектываў.

Куды ж у XXI стагоддзі без інтэрнэт-актыўнасцей? Кожны жадаючы зможа паўдзельнічаць у конкурсе на лепшы відэаролік “Бяспечны Новы год”, у якім на любую з зададзеных тэм – “Бяспечная навагодняя ёлка”, “Піратэхніка”, “Галалёд”, “Паводзіны ля зімовага вадаёма”, “Пераахалоджванні” і г.д. – змогуць прадставіць сваё бачанне ўсім вядомых правілаў і расказаць пра іх на ўсю краіну.

Класіка апошніх гадоў – конкурс на лепшае навагодняе афармленне кватэры (жылых памяшканняў домаўладання), дэкору вокнаў, прысядзібнага ўчастка «Навагодні дызайн МНС», удзел у якім дазволіць не толькі пазмагацца за прыз, але і змяніць сваё жыллё і прастору вакол пад стаць святам, якія набліжаюцца.

Акрамя таго, работнікі прапаганды зробяць паштовую рассылку навагодніх паштовак, буклетаў, календароў ад МНС, а таксама тэматычных падарункаў, каб акцыя дабралася ў кожны дом.

Тыя, хто па якіх-небудзь прычынах не змаглі паўдзельнічаць у мерапрыемствах асабіста, змогуць гэта зрабіць у рэжыме анлайн. Для гэтага працаўнікі прапаганды задзейнічаюць інтэрнэт-мэсэнджары, дзякуючы якім правядуць відэаўрокі бяспекі, анлайн-гульні “Крокі выратавання” і анлайн-віктарыны “Хто хоча стаць геніем бяспекі?”.

Прапагандысты МНС заручацца падтрымкай СМІ, якія апублікуюць шмат матэрыялаў аб тым, як сустрэць Новы год бяспечна, і правядуць інтэлектуальныя віктарыны з памятнымі падарункамі.

Запрашаем усіх прыняць удзел у акцыі, каб папоўніць багаж ведаў у галіне бяспекі, атрымаць памятныя падарункi, правесці час з карысцю і ярка сустрэць надыходзячы 2022 год!