Міхаіл Орда: «На УНС важна пачуць голас моладзі»

Такое меркаванне выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў час размовы з моладдзю. Сустрэча з актывам адбылася ў рамках прафсаюзных навучальных курсаў “Беларусь – краіна гістарычнай памяці”. Прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, устаноў культуры і аховы здароўя абмеркавалі з кіраўніком нацыянальнага прафцэнтра актуальныя пытанні, у ліку якіх – законапраект аб Усебеларускім народным сходзе.

– Гісторыю нашай краіны ствараюць простыя людзі – так было заўсёды. Тыя, хто штодзень і добрасумленна працуе, хто адданы не толькі роднаму прадпрыемству, але і дзяржаве. Справядліва, што менавіта прадстаўнікі працоўных калектываў будуць удзельнічаць у прыняцці лёсавызначальных рашэнняў для нашай агульнай будучыні, – адзначыў лідэр нацыянальнага прафцэнтра Міхаіл Орда.

Як падкрэсліў старшыня ФПБ, Усебеларускі народны сход створыць патрэбны баланс у грамадстве, калі ўсе грамадзяне змогуць у роўнай ступені выносіць свае пытанні і прапановы. Гэта і ёсьць сапраўднае народаўладдзе і сапраўдная дэмакратыя, а не дэкларатыўная і галаслоўная, якой так пышыцца Захад.

– У іх там палітыкі гнуць сваю лінію, прасоўваючы выключна свае інтарэсы. Пры гэтым ніхто не думае аб тым, як гэта можа адбіцца на людзях. Палітычныя партыі нярэдка звязаныя з буйным бізнэсам. У выніку прадстаўнікі ўлады гуляюць у свае гульні, змагаючыся за ўласны дабрабыт, напляваўшы на астатніх, – адзначыў Міхаіл Орда. – Усебеларускі народны сход дазволіць пачуць галасы і меркаванні ўсіх.

Голас моладзі – у тым ліку. Гэта асабліва важна, бо сучаснае пакаленне – актыўнае, ініцыятыўнае, яму ёсць што прапанаваць краіне. Таму нядзіўна, што пытанне аб вылучэнні сваёй кандыдатуры ў ВНС часцей за ўсё гучала менавіта ад маладых. Напрыклад, пра такую магчымасць спыталі студэнты педагагічнага ўніверсітэта ім. Максіма Танка і спецыялісты Гродзенскага УП “Цветліт”.

– Маладыя людзі жадаюць быць пачутымі, і такая магчымасць у іх, безумоўна, будзе, – сказаў на заканчэнне Міхаіл Орда.

Адзначым, што сённяшні модуль быў заключным. Яго ўдзельнікі прызнаваліся, што ўсё – пачынаючы ад арганізацыі і заканчваючы зместам лекцый – годна найвышэйшай ацэнкі.

– Цікавыя практычныя заняткі, харызматычныя лектары, творчы падыход да навучання – усё гэта садзейнічала развіццю камунікатыўных навыкаў, лідэрскіх якасцей, аратарскіх здольнасцей, – адзначыла прадстаўнік Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Алена Зэйдэль. – Карысна было сустрэцца з кіраўніцтвам Федэрацыі прафсаюзаў і галіновага міністэрства, каб пачуць адказы на нашы пытанні ці звярнуць увагу на існуючую праблему. І вядома, парадавалі культурная праграма і знаёмства з калегамі па ўсёй краіне. Хацелася б, каб сустрэчы ў такім фармаце праходзілі часцей.