Калі раптам перадумаў… ці можна адклікаць заяву аб звальненні?

Грамадзянін працуе па працоўнай дамове. Падаў за месяц заяву аб звальненні па жаданні работніка, але раптам перадумаў. Разбіраемся, ці можа работнік адклікаць заяву аб звальненні ў любы момант ці зваротнага шляху няма?

Як тлумачаць у тэлеграм-канале Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, у апісанай сітуацыі працаўнік можа забраць заяву аб звальненні. Але ёсць нюансы.

У ведамстве нагадалі, што артыкул 40 Працоўнага кодэкса абвяшчае: “Работнік мае права скасаваць працоўны дагавор, заключаны на нявызначаны тэрмін, папярэдзіўшы аб гэтым наймальніка пісьмова за 1 месяц”.

Калі абодва бакі дасягнулі згоды, а таксама ў выпадках, прадугледжаных у калектыўным дагаворы, працоўны дагавор можа быць скасаваны і да заканчэння тэрміну папярэджання.

Разам з тым усё той жа артыкул 40 Працоўнага кодэкса надзяляе работніка правам адклікаць сваю заяву да заканчэння тэрміну папярэджання. Праўда, магчыма гэта толькі ў тым выпадку, калі на яго месца наймальнік яшчэ не паспеў запрасіць іншага работніка, якому ў адпаведнасці з заканадаўствам нельга адмовіць у заключэнні працоўнай дамовы.