Асцярожна, галалёд!

Галалёд – з’яўленне на дрэвах, дратах і зямлі лёду, непасрэдна звязанае з замярзаннем дажджу, які выпаў на халодную паверхню пры адмоўнай тэмпературы паветра.

Галалёдзіца – гэта самы звычайны лёд, які ўзнікае на зямной паверхні (на дарогах, дахах дамоў) у выніку замярзання вады пасля адлігі або дажджу пры раптоўным паніжэнні тэмпературы паветра (пахаладанні). Другая назва гэтай прыроднай з’явы – «слізкая дарога». Словам, галалёдзіца ўтвараецца шляхам раставання снега (або лёду) падчас рэзкага пацяплення. Гэта з’ява ўзнікае даволі часта пры ваганнях тэмпературы паветра каля 0 градусаў па Цэльсіі.

Абодва гэтых паняцця не маюць паміж сабой нічога агульнага, аднак з’яўляюцца аднолькава небяспечнымі для чалавека. Пры дадзеных прыродных з’явах узнікае даволі сур’ёзная пагроза для жыцця і здароўя людзей, асабліва аўтамабілістаў.

МНС дае некалькі рэкамендацый аб тым, як трэба паводзіць сябе ў дадзеных сітуацыях:

  1. Падрыхтуйце для выхаду на вуліцу маласлізгальны абутак;
  2. Рухайцеся асцярожна, не спяшаючыся, наступаючы на ўсю падэшву. Ногі пры гэтым павінны быць злёгку расслабленыя, рукі вольныя. Старайцеся выбіраць больш бяспечны шлях: дзе менш лёду, дзе дарожкі пасыпаны пяском, ёсць асвятленне. Пажылым людзям рэкамендуецца выкарыстоўваць кій з гумовым наканечнікам ці адмысловую палку з завостранымі шыпамі.
  3. Калі вы паслізнуліся, прысядзьце, каб знізіць вышыню падзення, у момант падзення паспрабуйце згрупавацца, каб змякчыць удар аб зямлю;
  4. Вадзіцелям рэкамендуецца быць вельмі асцярожнымі і ўважлівымі, па магчымасці ўстрымацца ад паездак. Перш чым выехаць на трасу, неабходна пераканацца ў адпаведнасці стану гумы ўмовам дарожнага пакрыцця. Пры руху неабходна выконваць хуткасны рэжым, кіраваць транспартным сродкам асцярожна, улічваючы пры гэтым інтэнсіўнасць руху, асаблівасці і стан транспартнага сродку і грузу, дарожныя і метэаралагічныя ўмовы, у прыватнасці бачнасць ў кірунку руху. Пешаходам пры пераходзе праз праезную частку варта улiчваць, што ў зімовы перыяд года значна даўжэе тармазны шлях аўтамабіляў.
  5. Галалёд часцяком суправаджаецца абледзяненнем. Трымайцеся воддаль ад будынкаў і канструкцый, з якіх можа ўпасці наледзь. Асаблівую ўвагу звяртайце на правады ліній электраперадач, кантактных сетак электратранспарту, абрыў якіх можа прывесці да траўмы.