6 чэрвеня стартуе рэспубліканская акцыя «Канікулы без дыму і агню»

Ужо стала добрай традыцыяй правядзенне ў перыяд летняга дзіцячага адпачынку рэспубліканскай акцыі МНС «Канікулы без дыму і агню». Галоўная яе мэта – папярэджанне ўзнікнення пажараў па прычыне дзіцячага свавольства з агнём, гібелі і траўматызму дзяцей.

Тры месяцы лета, з 6 чэрвеня па 31 жніўня, ратавальнікі будуць навучаць дзяцей і дарослых правілам бяспекі ў прышкольных і летніх аздараўленчых лагерах, напаўняючы вольны час удзельнікаў мноствам сучасных, займальных і ў той жа час карысных навучальных мерапрыемстваў, у тым ліку, і ў анлайн рэжыме.

«Дзень МНС», «МНС-ЛЭНД», гульня «Школа юных ратавальнікаў», тэматычныя тэатралізаваныя паказы, віктарыны, анлайн-квізы па бяспецы, майстар-класы, экскурсіі па цэнтрах бяспекі, музеях і пажарных аварыйна-выратавальных частках і яшчэ мноства разнастайных. мерапрыемстваў ад прапагандыстаў МНС дазволяць рабятам бліснуць эрудыцыяй і кемлівасцю, праявіць творчы патэнцыял, выпрабаваць свае сілу і цягавітасць, але самае галоўнае – засвоіць, паўтарыць і замацаваць правілы бяспекі жыццядзейнасці.

21 чэрвеня ў Беларусі адзначаюць Дзень бацькі. І гэтае свята не засталося без увагі работнікаў МНС, бо таты, як і мамы, ўносяць свой вялікі ўклад у станаўленне і развіццё дзіцяці, у тым ліку і ў пытаннях фарміравання культуры бяспекі. Актыўным татам прапагандысты МНС прапануюць разам з іх дзецьмі стварыць свой «Бяспечны» радавод, паэксперыментаваць, выконваючы правілы бяспекі, стварыць “бяспечны” кулінарны шэдэўр, бліснуць талентамі, праспяваючы «Хіт бяспекі» або падрыхтаваўшы «запальны» танец. А каб усе па заслугах змаглі ацаніць поспехі ўдзельнікаў, іх відэаролікі ратавальнікі размесцяць у афіцыйных групах МНС у сацыяльных сетках.

Акрамя таго, падчас акцыі будзе праводзіцца навучанне правілам пажарнай бяспекі работнікаў дзіцячых аздараўленчых і прышкольных лагераў, у т.л. дзяжурнага персаналу, дэманстравацца тэматычныя відэа і мультыплікацыйныя фільмы ад МНС, раздавацца наглядная навучальная прадукцыя.

Дапамагаць прапагандыстам МНС у правядзенні мерапрыемстваў акцыі будуць актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, студэнты, прадстаўнікі ТРВОД, Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства, часопіса «Юны ратавальнік» і інш., бо захаванне жыцця і здароўя дзяцей – гэта агульная мэта ўсіх дарослых!

Удзельнічайце ў мерапрыемствах МНС і будзьце ў бяспецы!