Прафсаюзы: мы будзем дапамагаць людзям на мяжы, пакуль яны будуць мець патрэбу ў дапамозе
Прафсаюзы працягваюць дапамагаць мігрантам. Чарговы гуманітарны груз сабраны з улікам патрэбнасцей як дзяцей, так і дарослых.
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі працягвае сачыць за сітуацыяй міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы. Сёння машыны з гуманітарнай дапамогай адправілі адразу чатыры галіновыя прафсаюзы. Раніцай у Гродзенскую вобласць прыбылі 400 пакетаў з прадуктамі ад Беларускага прафсаюза работнікаў сувязі. Пасылкі былі сфарміраваны пры ўдзеле пярвічных прафсаюзных арганізацый Гродзенскага філіяла РУП “Белтэлекам”, а таксама Гродзенскага і Мінскага філіялаў РУП “Белпошта”.
У прадуктовыя наборы ўвайшлі мясныя кансервы, згушчанае малако, дзіцячае харчаванне і сокі, батоны, печыва, шакалад і іншыя прадукты – усяго 1120 кг. Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў сувязі Ніна Гаўрылава падкрэсліла, што, гледзячы, як людзі церпяць, немагчыма заставацца ўбаку. Яна таксама выказала надзею, што ўсе прывезеныя прадукты будуць карысныя сем’ям, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.
У крызіснай сітуацыі не застаўся ў баку і прафсаюз работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. У якасці гуманітарнай дапамогі яны даставілі на мяжу 300 пакетаў з рознымі прадуктамі, дзіцячае харчаванне, а таксама санітарна-гігіенічныя прыналежнасці.
Беларусы заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. Нездарма ж кажуць, што дабрыня і спачуванне – гэта нашы нацыянальныя рысы. Мы вельмі спадзяемся, што хутка канфлікт вырашыцца, і людзі, якія затрымаліся на мяжы, змогуць вярнуцца да нармальнага жыцця.
Генадзь Ляпуноў
старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў
будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў
Да акцыі дапамогі мігрантам сёння таксама падключыліся прафсаюз “БЕЛПРАФМАШ” і Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання.
Старшыня “БЕЛПРАФМАШ” Валерый Курсевіч разам з камандай прывезлі ў Гродзенскую вобласць 300 прадуктовых набораў, у якія ўваходзяць мясныя кансервы, каўбасныя вырабы, а таксама дзіцячае харчаванне, хлебабулачныя вырабы працяглага захоўвання і сокі.
Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання сфарміраваў 250 пакетаў з рознай правізіяй. Збіраючы наборы, былі ўлічаны запатрабаванні ўсіх людзей без выключэння: як дарослых, так і дзяцей. Усе пасылкі ўжо знайшлі сваіх адрасатаў.
Немагчыма застацца ў баку, бачачы гора, пакуты людзей, і жорсткасць у адносінах да іх.
Чэслава Гоева
старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў
лесу і прыродакарыстання
Нагадаем, што ў стыхійным лагеры на беларуска-польскай мяжы ўцекачы з блізкаўсходніх краін жывуць ужо другі тыдзень. Прафсаюзы гатовы і надалей падтрымліваць людзей, якія апынуліся ў гэтай няпростай сітуацыі.
Навіна і фота з партала Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі