ФПБ – аб сітуацыі на мяжы: людзі ў складанай сітуацыі, мы працягнем дапамагаць
Другі тыдзень група мігрантаў у некалькі тысяч чалавек знаходзіцца на мяжы Беларусь – Польшча. Беларускі бок робіць усё, каб аблегчыць іх долю і стварыць больш камфортныя ўмовы.
Нагадаем, што бежанцы прыйшлі да пункта пропуску “Брузгі” 8 лістапада і, калі Польшча не прапусціла на сваю тэрыторыю, разбілі на мяжы стыхійны лагер. Мужчыны, жанчыны і дзеці начавалі ў турыстычных намётах і самаробных буданах, у той час, як тэмпература на вуліцы набліжалася да нуля. У мінулыя выхадныя беларускі бок устанавіў для мігрантаў армейскія палаткі, дзе наладзілі харчаванне, абаграванне і аказанне меддапамогі.
Грамадскія арганізацыі дастаўляюць бежанцам прадукты харчавання, санітарна-гігіенічныя прыналежнасці, цёплае адзенне і абутак, коўдры. Практычна з першых дзён падтрымку аказваюць прафсаюзы: штодзень да мігрантаў прыходзяць машыны з гуманітарным грузам. Дзякуючы неабыякавым людзям на складах ёсць запас з 15 тон прадуктаў.
На днях мігрантаў размясцілі ў лагістычным цэнтры непадалёк ад пункта пропуску. Для людзей стварылі спальныя месцы, арганізавалі гарачае харчаванне і забяспечылі чыстай вадой.
Акрамя таго, да лагістычнага цэнтра накіравалі аўтамагазін, якому з-за вялікага попыту прыйшлося рабіць некалькі рэйсаў. У месцы часовага знаходжання наладзілі медыцынскае суправаджэнне, тут жа адкрылі пункт вакцынацыі. Пакуль ажыятажу наконт прышчэпкі няма, паколькі большасць ужо прышчэплены.
“Людзі ў складанай сітуацыі, мы працягнем дапамагаць”
Дзякуючы дапамозе беларускага боку мужчынам, жанчынам і дзецям больш не даводзіцца мерзнуць на вуліцы, у іх ёсць дах над галавой. Аднак людзі працягваюць прыбываць.
Натуральна, лагістычны цэнтр не разлічаны на такую колькасць чалавек. Сёння, 19 лістапада, каб азнаёміцца з сітуацыяй, у Гродна прыбыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.
Вы калі-небудзь чулі аб трайных стандартах? Гэта тое, што мы зараз назіраем. Польскі бок проста парушыў правы гэтых людзей, замацаваныя ў дэкларацыі аб правах чалавека. Міжнародныя арганізацыі ўсё гэта бачаць, але робяць выгляд, нібы нічога не адбываецца. Людзі патрапілі ў складаную сітуацыю. У такіх выпадках прафсаюзы заўсёды падтрымліваюць.
Міхаіл Орда
старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
Паводле слоў Міхаіла Орды, на гэты момант прафсаюзы адправілі 15 машын з усім неабходным для бежанцаў.
Гэта не апошняя дапамога. Мы працягнем дапамагаць.
Міхаіл Орда
старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
Міхаіл Орда расказаў, што прыняць мігрантаў гатовы турысцка-аздараўленчы комплекс “Пышкі”.
Калі будуць просьбы мам з дзецьмі, мы расселім іх там.
Міхаіл Орда
старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
На пытанне, чаму Беларусь так шмат робіць для выхадцаў з Ірака, а суседзі не, Міхаіл Арда адказаў:
Гэта пытанне сумлення і адносіны да людзей. Казаць можна шмат, але важныя дзеянні. Беларусь – сацыяльна арыентаваная краіна. У нас прынята падтрымліваць адно аднаго. Цяперашняя сітуацыя гэта пацвярджае.
Міхаіл Орда
старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
“Мы прыехалі ў пошуках лепшай долі”
Пакуль мігранты жывуць у лагістычным цэнтры. Людзі выходзяць прагуляцца і падыхаць свежым паветрам. Твары ў большасці заклапочаныя, смяюцца і весела размаўляюць тут толькі дзеці. У дарослых жа пануры і стомлены выгляд.
Спрабуем загаварыць. Некалькі чалавек адказваюць, што ангельскай не ведаюць, а двое, што размаўляць не маюць намеру. На размову згаджаецца мужчына з аднагадовай малечай на руках.
Мяне клічуць Абдурахман. Я прыехаў сюды, бо ў Іраку няма працы. Спадзяюся патрапіць у Нямеччыну.
Абдурахман
Абдурахман збіраецца чакаць столькі, колькі спатрэбіцца, але з’яжджаць на радзіму ён не плануе. Па ягоных словах, там вельмі небяспечна. Мужчына баіцца за сваё жыцьцё ў Іраку.
Я задаволены ўмовамі тут. У нас ёсць ежа, вада і медыцынская дапамога.
Абдурахман
Заўважаем ля плота ўсмешлівага юнака гадоў 27. На шчасце, і ён згаджаецца расказаць пра сябе. Даведаемся, што Ібрагім прыехаў у Беларусь з Сірыі. На радзіме работа юнака была звязана з рамонтам камп’ютараў.
Мая сям’я жыве ў Італіі, таму я хачу патрапіць да іх. Як бы ні склалася, зваротна я не вярнуся. У нас няма вайны, але заставацца ў Сірыі небяспечна.
Ібрагім
Заўважаем вялікую групу бежанцаў, якія нешта эмацыйна абмяркоўваюць у старонцы ад астатніх. З 8 чалавек пагутарыць згаджаецца толькі адзін – Баёд. Мужчына расказаў, што ён родам з Ірака. Ён удзячны Беларусі за дапамогу, але ўмовы жыцця ўсё роўна блізкія да спартанскіх. Медыцынская дапамога яму не спатрэбілася. Цікавімся, ці хапае яму прадуктаў.
Я ўдзячны вам за ежу. Яе дастаткова, але гэта не мая ежа. Мы не абвыклі да яе.
Баёд
Баёд страціў надзею чакаць, пакуль Германія прыме бежанцаў. Ён збіраецца вярнуцца на радзіму.
У самім лагістычным цэнтры ўсмешлівая Дзім’я гуляе з малышкамі, якім на выгляд 6 і 4 гады. Яе муж выйшаў па справах, але яна згаджаецца расказаць аб сваёй сям’і. Дзім’я разам з мужам прыехалі сюды ў пошуках лепшай долі. Сям’я марыла патрапіць у Нямеччыну. Чаму менавіта туды, яна не патлумачыла.
Жанчына прызнаецца, што вельмі сумуе па сваёй сям’і: маці і сястры, якая днямі выйшла замуж. Дзім’я вельмі шкадуе, што не была на вяселлі сястры і не мела магчымасці нават павіншаваць яе.
У нас дастаткова ежы, ёсць і медыцынская дапамога. Дочкам трэба было б вымыць валасы, але зрабіць гэта можна толькі на вуліцы. Мы баімся, што дзеці могуць захварэць, бо звонку вельмі холадна.
Дзім’я
На пытанне аб тым, ці застанецца сям’я тут ці вернецца дадому, жанчына не адказала. Такія пытанні ў сям’і вырашае муж.
Каля 400 чалавек вырашылі вярнуцца на радзіму і вылецелі з Мінска ў Ірак 18 лістапада. Астатнія па-ранейшаму спадзяюцца, што для іх адкрыюць мяжу і з’явіцца магчымасць патрапіць у Еўропу.
Навіна і фота з партала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі