Больш за 500 выпадкаў несвоечасовай выплаты заработнай платы выявілі прафсаюзы ў 2021 годзе

У ходзе разгляду вынікаў выканання Генеральнага пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2019-2021 год члены Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях звярнулі ўвагу на забеспячэнне своечасовасці выплаты заработнай платы.

Неабходна адзначыць, што прафсаюзы на пастаяннай аснове кантралююць гэтыя пытанні ва ўсіх сферах эканомікі. Прычым разглядаюцца ўсе факты – нават калі наймальнік затрымлівае аплату працы на дзень-два.

Як акцэнтавала ўвагу намеснік старшыні ФПБ Алена Манкевіч, па выніках маніторынгу праблемных пытанняў, які праводзіўся ў студзені-верасні 2021 года, прафсаюзамі выяўлена 538 выпадкаў парушэння наймальнікамі ўстаноўленых тэрмінаў разліку з работнікамі, выдадзена больш за 280 рэкамендацый на іх устараненне.

Што да самых апошніх дадзеных у гэтым пытанні, то ў верасні выяўлена 51 такая арганізацыя, у кастрычніку – 44. Пры гэтым у абсалютнай большасці ў гэтых арганізацыях запазычанасць не з’яўляецца сістэмнай і хранічнай. Часцяком гэта несвоечасовы разлік з працаўніком пры сыходзе ў водпуск або пры звальненні.

Аднак, як адзначылі ў нацыянальным прафцэнтры, у шэрагу выпадкаў працаўнікі змушаныя чакаць законных выплат месяцамі. Як правіла, гэта зьвязана з тым, што прадпрыемства знаходзіцца ў працэдуры ліквідацыі і ня мае сродкаў, каб разьлічыцца зь людзьмі.

У сувязі з гэтым прафсаюзы адзначаюць неабходнасць больш хуткага прыняцця дакумента аб гарантыях выплаты заработнай платы і пералічэння ўзносаў у ФСАН пры банкруцтве арганізацыі.

На пасяджэнні Нацсавета прагучала, што ў цэлым большасць арганізацый-даўжнікоў, як і раней, адносіцца да сельскай гаспадаркі.

У верасні выпадкі парушэння тэрмінаў выплаты зарплаты былі выяўлены ў розных арганізацыях, але доля аграпрамысловага комплексу па-ранейшаму застаецца дастаткова важкай. Гэта больш за 40%, хаця гэты паказчык зніжаецца дзякуючы сумесным намаганням сацыяльных партнёраў.

Алена Манкевіч
намеснік старшыні ФПБ

Паводле яе слоў, у бягучым годзе сумеснымі намаганнямі сацыяльных партнёраў значна палепшылася сітуацыя з выплатай заработнай платы ў арганізацыях сельскай гаспадаркі Віцебскага рэгіёна. Калі яшчэ летась там рэгулярна і на працяглы тэрмін затрымлівалі выплату заработнай платы некалькі дзясяткаў арганізацый, то, напрыклад, у верасні бягучага года запазычанасць, прычым нязначная, зафіксавана толькі ў 4 арганізацыях Віцебшчыны. Разам з тым гэты ж месяц паказаў праблемы са своечасовай выплатай зарплаты ў Брэсцкай і Мінскай абласцях – у спіс парушальнікаў трапілі па 13 арганізацый.

Улічваючы, што пытанне выплаты заработнай платы з’яўляецца для прафсаюзаў і работнікаў адным з асноўных, мы працягваем кантраляваць сітуацыю і гарантуем, што будзем рэагаваць на ўсе выяўленыя выпадкі несвоечасовай выплаты заработнай платы.

Алена Манкевіч
намеснік старшыні ФПБ

Навіна і фота з партала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі