
Айчынная прадукцыя павінна быць у прыярытэце на прылаўках крам
Аб гэтым заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда падчас рабочай паездкі па самых паўднёвых рэгіёнах краіны – Брэсцкай і Гомельскай абласцях.
Апошнім часам пытанні цэнаўтварэння знаходзяцца ў цэнтры ўвагі ўсіх беларусаў. Бо ад таго, колькі каштуюць прадукты на паліцах у магазіне, залежыць у тым ліку і наш дабрабыт.
Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда перакананы, што пазбегнуць росту цэн на садавіну і агародніну дапамогуць доўгатэрміновыя кантракты паміж гандлёвымі сеткамі і вытворцамі. Пытанне гэтае набалелае, бо прычына росту коштаў банальная – беларускай прадукцыі ў крамах не хапае, яе месца займае імпартная, якая ў разы даражэйшая. І гэта з улікам таго, што традыцыйнай для беларусаў агародніны ў краіне вырошчваецца з лішкам, а стабілізацыйныя фонды запоўнены, зазначае кіраўнік ФПБ.
Прафсаюзы бачаць праблему ў тым, што пастаўшчыкі тавараў не абавязаны забіраць прадукцыю з гэтых сховішчаў для агародніны і рэалізоўваць яе праз сваю гандлёвую сетку.
– Тыя правілы, якія фарміруюцца на рынку, павінны быць агульнымі для ўсіх. Яны павінны быць празрыстымі і зразумелымі для ўсіх. І тады ўсё будзе ў парадку, – упэўнены Міхаіл Орда. – Нейкія пытанні рэгулюе рынак, але ён не павінен быць дзікім і не знаходзіцца ў хаосе.
Гэтую тэму лідэр нацыянальнага прафцэнтра абмеркаваў падчас рабочай паездкі ў Столінскі раён, дзе сустрэўся з сельгасвытворцамі. У ходзе сустрэчы былі закрануты пытанні і праблемы цэнаўтварэння і збыту, бо менавіта яны больш за ўсё хвалююць тых людзей, якія непасрэдна займаюцца вырошчваем агародніннай прадукцыі. Фермеры практычна ва ўнісон казалі аб сваіх праблемах са збытам вырашчанай прадукцыі і невысокіх закупачных расцэнках.
– Пытанні павінны быць адрэгуляваны паміж гандлем і вытворцамі. Трэба ўводзіць і адпрацоўваць практыку, каб не было збояў. Дагаворы павінны быць не намерам аб супрацоўніцтве, у іх трэба дакладна прапісаць па месяцах, колькі прадукцыі забірае гандлёвая сетка. Тады ў фермераў будзе ўпэўненасць у заўтрашнім дні, сельгасвытворца будзе вырошчваць прадукцыю без выдаткаў і страт. Усё будзе спланавана ў гэтым пытанні, а спажыўцы часцей будуць бачыць прадукцыю нашых сельгасвытворцаў у магазінах па прымальнай цане, – выказаў сваю пазіцыю лідэр ФПБ.
Міхаіл Орда падкрэсліў, што ў прыярытэце павінна быць беларуская агародніна і садавіна разам з іншымі айчыннымі таварамі. Іх месца на першай паліцы ў гандлёвай сетцы.
Тое, што бізнэс на зямлі можа быць прыбытковай справай, даказваюць фермеры ў Гомельскай вобласці. Напрыклад, фермерская гаспадарка Міхаіла Шруба – адна з найбуйнейшых не толькі ў гэтым рэгіёне, але і ва ўсёй краіне – звыш 4,5 тысяч гектараў зямлі. Тут таксама вырошчваюць усю традыцыйную для беларусаў гародніну: бульбу, капусту, моркву, буракі і г.д. Кошты на прылаўках у краме на іх у апошні час істотна падраслі. Кіраўнік прадпрыемства лічыць, што справа не ў вытворцах:
– Калі мы пастаўляем бульбу па 70 капеек прыкладна, чаму ў іх яна па 1,5 рубля. Гэта трэба спытаць у гандлёвых сетак. Гандаль у нас, на жаль, больш манапалізаваны, чым вытворчасць. Вытворцаў бульбы ў нас сотні, тысячы, і вось мы не рэдка бачым, што сеткі дамінуюць, карыстаюцца сваім манапольным правам усталёўваць кошты. Трэба падтрымліваць вытворцаў, якія сапраўды гатовы працаваць, – выказаў сваю пазіцыю фермер.
Беларускія сельгасвытворцы вырошчваюць больш прадукцыі, чым неабходна для ўнутранага спажывання, але мы часам не бачым яе на прылаўках, а прывазная пачынае расці ў кошце. Тады ўзнікае пытанне: чаму мы завозім на шкоду нашым сельгасвытворцам? Бо наша прадукцыя ні ледзь не саступае ў якасці.
– Гэтага не павінна быць! Таму ўсе гандлёвыя сеткі павінны ўдзельнічаць у прагназаванні. Калі не ў нарыхтоўцы, то ў вызначэнні з дагаворамі, колькі прадукцыі гандлёвыя сеткі павінны забраць у сельгасвытворцы і пакласці на прылавак. Людзі павінны без скачкападобных коштаў рабіць пакупкі і мець магчымасць планаваць свае выдаткі. Падчас прафсаюзных маніторынгаў былі выпадкі, калі фіксавалі рост цаны капусты каля 200%. Гэта спэкулятыўны момант. Сёння агародніна ўваходзіць у штодзённы рацыён беларусаў. Праца па прынцыпе «ўсё роўна купяць» – гэта ўжо вымыванне грошай з кашалька людзей. Вось чаму неабходна гэтыя пытанні кантраляваць, – рэзюмаваў Міхаіл Орда.
Яшчэ адзін прыклад таго, як правільна ўкладзеныя інвестыцыі могуць прыносіць станоўчы вынік, – ААТ “Тураўскі малочны камбінат” у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Гэта адзін з найбуйнейшых малочных вытворцаў і экспарцёраў Беларусі. Прадпрыемства працуе па самых сучасных стандартах на італьянскім абсталяванні, а вось сыравіна – ад мясцовых вытворцаў.
Як падкрэсліў Міхаіл Орда, Тураўскі малочны камбінат – гэта добры прыклад, як сёння іншыя рэгіёны могуць развіваць свой патэнцыял. У нас ёсць тое, што мы не завозім з-за межаў краіны, а вырабляем самі і па якасці не горш за імпартны.